Ксенія БРУСКО:
– У ліпені мяне чакае цікавая падзея. Я еду на “Славянскі базар” з танцавальным гуртом “Bounce Dance”, які ўзначальвае Алена Шэлехава. Мы запрошаны ў Віцебск і вельмі спадзяёмся вярнуцца ў добрым настроі, з выдатнымі ўражаннямі, а можа, і з рознымі ўзнагародамі. Вельмі хочацца, каб астатнія летнія месяцы былі цёплымі, нават гарачымі. Тады абавязкова буду хадзіць з сябрамі купацца на возера Візжар. У спякотны дзень адпачынак ля вады прыносіць прахалоду і задавальненне. Не забуду, канечне, і любімую бабулю Галіну. Яна жыве ў Іванаве. Заўсёды прыемна ў яе гасцяваць і набірацца сіл. Для гэтага лета – найлепшая пара!
Мацвей СВІРЫДАЎ:
– А я летам планую бавіць час з сябрамі, у мяне іх шмат. Разам ходзім на рыбалку, збіраем ягады, у тым ліку буякі. Каб мець кішэнныя грошы і не прасіць у бацькоў на свае патрэбы, збіраем гэтыя ягады ў фермерскай гаспадарцы. Ведаю, што вельмі чакаюць мяне і ў Жыціні, дзе жывуць дзядуля Іван і бабуля Люба. Калі бываю ў вёсцы, ім заўсёды дапамагаю, адначасова адпачываю і набіраюся сіл. Я ўжо перайшоў у восьмы клас, маю ў асноўным добрыя адзнакі. Не буду забываць улетку і пра кнігі – хочацца вярнуцца ў верасні ў школу падрыхтаваным да новага навучальнага года.
Максім БАЛАН:
– Зараз я знаходжуся ў лагеры “Патрыёт”, які працуе пры нашай сярэдняй школе №1 імя І.М. Зубачова. У летніку праводзім цэлыя суткі. Тут вельмі падабаецца, шмат цікавых мерапрыемстваў і заняткаў, у тым ліку з камп’ютарамі. Мы ў лагеры некалькі тыдняў. Аднак ужо хочацца, як толькі скончыцца змена, далучыцца да сяброў, пабачыць бацькоў. Развітаемся з “Патрыётам” ужо хутка, 1 ліпеня. Уражанні – самыя пазітыўныя. Але ж памятаю, што лета працягнецца яшчэ два месяцы, і іх патрэбна выкарыстаць напоўніцу. З сябрукамі ўжо дамовіліся, што будзем ездзіць зарабляць грошы на буяках у вёску Шалухі. Хочацца таксама дапамагчы бацькам і бабулі Надзеі на дачы. Думаю, што працяг лета будзе выдатным!
Алета АНДРАЮК:
– Мне трынаццаць гадоў. Вучуся выдатна: скончыла сёмы клас з дзвюма дзясяткамі, а ўсе астатнія адзнакі – дзявяткі. Таму настрой на лета самы аптымістычны, бо хто добра папрацаваў, той і добра адпачне. Буду гуляць з сяброўкамі і нашым сабакам – ёркшырскім тэр’ерам. Таксама ёсць у планах разам з бацькамі Юліянай і Аляксандрам ды малодшай сястрычкай Эміліяй з’ездзіць у Мінск да майго хроснага, адначасова і сталіцу пабачым. Люблю летам чытаць кнігі, асабліва рамантычныя творы. Цяпер чытаю праграмныя аповесці і апавяданні Караленкі і Чэхава, санеты Шэкспіра. Увогуле, гэты навучальны год лічу шчаслівым: акрамя таго, што паспяхова вучылася ў школе, скончыла музыкалку, іграю на фартэпіяна, якое і летам не павінна змаўкаць. З музыкай летам адчуваеш сябе ў пазітыве!
Яўгенія ПРАКАПУК:
– У нас у сям’і ёсць традыцыя летам выпраўляцца ў падарожжы, хадзіць у паходы па родным краі. Робім гэта разам: тата Вадзім, матуля Оля і браты Коля ды Ваня. Плануем свае вандроўкі загадзя. Ёсць жаданне з’ездзіць да сяброў у Мінск. Вельмі хочацца, каб гэтае лета (у адрозненне ад халоднай вясны) было спякотным. Хочацца пазагараць, пакупацца, адным словам – адпачыць на ўсе сто! Гэтага ўсім жадаю, каб пасля канікул і адпускоў дарослыя і дзеці вярнуліся здаровымі і бадзёрымі на працу і ў школы. Усім выдатнага лета!
Анатоль РОСТАЎ
Фота Наталлі ВАЛОШКІ
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылкеhttps://t.me/selsk_prav
Копирование и использование полных материалов запрещено, частичное цитирование возможно только при условии гиперссылки на сайт zhabinka.by. Гиперссылка должна размещаться непосредственно в тексте, воспроизводящем оригинальный материал zhabinka.by.